Гэтак званую Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году і сёння ўлады лічаць пачаткам новай гісторыі для Беларусі.
А насамрэч гэта быў узброены захоп улады ў Беларусі, учынены пераважна вайскоўцамі Заходняга фронту Расеі пад камандаю расейскіх рэвалюцыянераў-бальшавікоў. Беларусы ж сустрэлі яе ўсяго толькі як назіральнікі дзеяў чужынцаў, а не як актыўныя ўдзельнікі.
Больш за тое, мясцовыя палітычныя партыі рашуча асудзілі пераварот, а Ўсебеларускі з’езд не прызнаў сфармаваную бальшавікамі ўладу. Восеньскія падзеі 1917 году нацыянал-камуніст Чарвякоў называў «салдацкай» рэвалюцыяй, у выніку якой, паводле газеты «Вольная Беларусь», «велікарускі народ паўстаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік».