“Дзяды” – гэта праект незалежнай тэатральнай групы “Купалаўцы” і польскага рэжысёра Паўла Пасіні. Момантам творчага судакранання стала творчасць Адама Міцкевіча – ураджэнца Наваградка, выгнанніка, які ўсё жыццё шукаў дарогу дадому.
Мы спалучылі містычную частку паэмы з эпізодамі ў турме, і ўжо падчас рэпетыцый стала зразумела: накладанне класічнага тэксту на актуальную беларускую сітуацыю, падзеі ў свеце і досвед пастановачнай каманды робіць спектакль максімальна сугучным рэальнасці. Лёс зняволенага ў святаянскіх мурах Густава прарастае ў новай рэчаіснасці, а боль новых вязняў прамаўляе ягонымі словамі. І праз два стагоддзі пасля напісання паэма захавала сваю аб’яднаўчую моц – гэта яшчэ адзін напамін гледачам розных краін пра тое, як шмат нас злучае, якія мы блізкія духам, і наколькі важна не забываць падтрымліваць адзін аднаго – праз міцкевічаўскі абрад тэатра, праз слова, такое гулкае за высокімі мурамі турмаў і межаў.
Пераклад – Серж Мінскевіч
Пастаноўка – Павел Пасіні
Сцэнаграфія і касцюмы – Аляксандра Канарска
Музыка – Эрык Арлоў-Шымкус
Сцэнарная кансультацыя – Ірына Лапо
Гук – Ярэк Рудніцкі
Святло – Мікалай Суркоў
Грым – Аляксандра Дэмбоўчык
Ролі выконваюць:
Гусьлярка / Пані Ралісон – Зоя Белахвосцік
Дзяўчына / Дух / Зося – Валянціна Гарцуева
Прыяцель вязня / Байкоў – Аляксандр Зелянко
Юзя / Анёл / Сава – Крысціна Дробыш
Сэнатар / Злы Пан – Алег Гарбуз
Доктар – Андрэй Корзан
Густаў / Палікан / Крук – Андрэй Дробыш
Конрад – Аляксандр Гарцуеў
Ксёндз Пётр – Эрык Арлоў-Шымкус