Тры буйныя агляды некалькіх соцень даследаванняў, праведзеных за апошнія 20 гадоў, параўналі чытанне з паперы і экрана. Высветлілася, што людзі лепш разумеюць аб’ёмныя складаныя тэксты, калі чытаюць іх з папяровых крыніц, а не з манітора. Існуюць і іншыя довады на карысць класічных кніжак. Ці ведаеце іх?
Адразу дзесяць раскрывае пазнавальнае выданне «Зачем читать книги?» Міхі Ковача, славенскага даследчыка чытання, прафесара, які, абапіраючыся на навуковыя звесткі, прыходзіць да высновы, што толькі чытанне дазваляе развіць здольнасць да самастойнага крытычнага мыслення і незалежнай інавацыйнай дзейнасці. Так мы пашыраем і паглыбляем слоўнікавы запас, развіваем здольнасць разумець і аналізаваць, вучымся эмпатыі, а ўсё гэта разам дазваляе думаць уласнай галавой, быць паспяховымі і шчаслівымі! І гэта не проста гучныя словы. З дапамогай раней невядомых слоў, новых значэнняў вядомых слоў, новых словазлучэнняў і незвычайных фраз свет разбураецца і збіраецца новым, нечаканым чынам – гэта і ёсць творчае мысленне, менавіта так і нараджаюцца новыя ідэі. Чытанне кніг развівае менавіта такое мысленне. Аднак «паглынаць» тэксты ў сучасных умовах можна рознымі спосабамі. Чаму ж электронныя дапаможнікі – усяго толькі добры дадатак, але ніяк не замена «папяроваму» чытанню? Знойдзем адказ у спадара Ковача. А яшчэ дазнаемся, навошта нам ведаць як мага больш слоў, як мастацкая літаратура дапамагае лепей разумець навакольных, чаму варта чытаць яшчэ і не на адной мове? Аўтар сабраў шмат цікавых звестак, прывёў нямала неаспрэчных фактаў, прычым у такой займальнай форме, што… адмовіцца ад гартання друкаваных выданняў становіцца немагчымым.
Асабліва калі цябе чакае стос свежых кніг ад айчынных выдавецтваў. Здаецца, зімой хочацца не толькі вітамінаў, але і… сапраўднай паэзіі. Калі ў вас так, прапаную аднавіць у памяці сёе-тое з вывучанага ў школе. Серыя «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» нам у дапамогу. Кнігу вершаў і паэм «Мая малітва» генія беларускага слова Янкі Купалы адкрывае, бадай, самы вядомы твор народнага песняра – верш «Мужык», упершыню надрукаваны ў 1905 годзе ў мінскай газеце «Северо-Западный край». Але ж ёсць і сама «малітва»:
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ужо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Прамаўляючы іх, чуеш незабыўны голас Уладзіміра Мулявіна, які сваім выкананнем песні на гэты верш прымушае паверыць, што гэта і нашы ўласныя думкі ды перажыванні. Нездарма, між іншым, віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаны 55-годдзю сусветна вядомага дзяржаўнага ансамбля, атрымаў назву «„Песняры“: малітва галасоў і сэрцаў».
У кнізе змешчаны і іншыя геніяльныя творы Івана Дамінікавіча: вершы «Родныя песні», «А хто там ідзе?», «Я мужык-беларус…», «Мая вера» і г. д., паэма «Курган», радкі якой адскокваюць ад зубоў са школы: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі, / На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай…».
У хатнюю бібліятэку просіцца і свежы «Сборник поэтических произведений» з серыі «Кніжная паліца школьніка». Нас чакае сустрэча з такімі майстрамі лірыкі пачатку ХХ стагоддзя, як Інакенцій Аненскі, Канстанцін Бальмант, Андрэй Белы, Аляксандр Блок, Валерый Брусаў, Іван Бунін, Максіміліян Валошын, Зінаіда Гіпіус, Сяргей Гарадзецкі, Мікалай Гумілёў, Васіль Каменскі і Сяргей Ясенін.
И цветы, и шмели, и трава, и колосья,
И лазурь, и полуденный зной…
Срок настанет – Господь сына блудного спросит:
«Был ли счастлив ты в жизни земной?»
Іван Аляксеевіч Бунін напісаў гэта ў 1918 годзе. Колькі ж месяцаў, дзён, хвілін уцякло з таго моманту… Усё новыя і новыя пакаленні чытаюць геніяў, даведваюцца пра іх лёсы. Натхняюцца, часам не ўсведамляючы, чаго ім гэта каштавала. «У галаве насіліся вобразы, гукі… спрабаваў вершы пісаць, – гукі блыталіся, і нічога не атрымлівалася… перадаць усё я не мог, моцы не хапала, дый і наогул заўсёды, калі сэрца перапоўненае, вершы не клеяцца. Здаецца, што напісаў бы бог ведае што, а возьмеш пяро – і становішся ў тупік…» – казаў майстар пра пакутную паэтычную творчасць. Бунін-паэт пісаў пра любоўныя перажыванні і страсць, аб прыродзе і бясконцасці жыцця. Жыцця цалкам рэальнага.
Але ж чалавек – істота складаная, схільная жыць адначасова і ў свеце выдуманых рэчаў ды персанажаў. Людзі выдатна ўмеюць фантазіраваць. Каго толькі не навыдумлялі! Артур Басак і Аліна Длатоўская сабралі нават цэлы нататнік «Беларускія нячысцікі: лясныя» (ёсць жа яшчэ і іншыя!). Дасведчаныя нячысціказнаўцы прысвяцілі гэты дзённік Лесуну і Гаюну, Зазоўцы і Лядашціку, Аленю Святога Губерта і Лагішынскаму ваўку ды не толькі ім. Усе разам яны дапамогуць нам патлумачыць самыя розныя з’явы, паразважаць на тэму добрага і дрэннага, а яшчэ і падзівіцца, хто як, прынамсі, выглядае. Кніжка выдатна ўкладзена і аформлена. Ілюстрацыі заслугоўваюць асаблівых авацый. Галоўнае, не разглядваць іх перад сном (спойлер: хоць кожны занатаваны міні-аповед у любым выпадку добра заканчваецца): «Трэба быць асцярожным з дрэвамі. Не прыхіляцца. На гэтае правіла я аднойчы забыўся – і ледзь не стала на аднаго нячысціказнаўцу менш… <> …праз сваю няўважлівасць я ледзь не стаў ахвярай лясной Праявы. Яны хапаюць жывёлу ці чалавека, зацягваюць у дрэва і там забіваюць. Чым больш ахвяр зацягне Праява, тым таўсцейшае ды вышэйшае вырасце дрэва».
Нячысцікі выдатна выконваюць ролю шматлікіх сімвалаў (дабра і зла, дружалюбнасці і варожасці, любові і нянавісці). Гэдак дзіўна сплятаецца выдуманае з рэальнай верай у яго, што і не разарваць…
А каб не так страшна было развітвацца, пагаворым пра добрую, светлую традыцыю адзначаць самыя розныя святы. Дзяржаўныя, агульнарэспубліканскія, рэлігійныя. Тут важна ўсведамляць, чаму іх адзначае цэлы народ, што за традыцыі яны працягваюць.
У нашай краіне шэсць дзяржаўных свят: Дзень Канстытуцыі; Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі; Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна… Спадзяюся, і тры астатнія кожны прыгадаў без замінкі. Да агульнарэспубліканскіх адносяцца пяць, у тым ліку і Новы год. Калісьці славяне сустракалі яго 22 сакавіка, у дзень веснавога раўнадзенства, або 22 снежня – у самы кароткі дзень. З XVI стагоддзя на беларускіх землях, як і ва ўсёй Еўропе, Новы год святкуюць у ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Дзякуй за гэта Старажытнаму Рыму! Калі забыліся, што там было 1 студзеня, зазірніце, калі ласка, у карысную кніжачку Вольгі Ванінай «Праздники и памятные даты Республики Беларусь» з серыі «Я ганаруся!». Знойдзеце там цікавыя звесткі і пра іншыя старадаўнія святы, і пра досыць новыя, напрыклад пра Тыдзень бацькоўскай любові, які праводзіцца апошнія некалькі гадоў з 14 па 21 кастрычніка.