Жанчына шчаслівага лёсу
Як часта вы ў сваіх размовах ужываеце словы «мой добры знаёмы» ці «мая добрая знаёмая»? Упэўнена, у кожнага з нас ёсць такія людзі. З імі заўсёды прыемна сустрэцца, цікава пагаварыць. Вы можаце не бачыцца месяцамі, не тэлефанаваць адзін аднаму, але ў душы будзеце адчуваць патрэбу ў іх існаванні.
Такая добрая знаёмая ёсць і ў мяне. Жыве яна ў вёсцы Івольск, а завуць яе Тамара Чыжова. Дарэчы, з ёю мы равесніцы. Родам яна, як і маці мая, з суседняй вёскі Хоўхла, дзе мы, уласна кажучы, і пазнаёміліся яшчэ ў юнацкія гады. Там жыла і мая родная цётка, да якой мы, яе пляменнікі, ездзілі ў госці. А як падраслі, у мясцовы клуб пачалі наведвацца: то ў кіно, то на танцы. Вось там і адбылося наша знаёмства з Тамарай Піскуновай – гэта дзявочае прозвішча маёй знаёмай. Я адразу звярнула ўвагу на невысокую чарнявую дзяўчыну ў кароценькай спаднічцы, з прычоскай 80-х гадоў пад «пажа» і ў туфлях на высокіх абцасах. Мясцовая прыгажуня аказалася не ганарлівай, і мы часта размаўлялі з ёю.
Зноў сустрэлася з Тамарай у 1977 годзе, але на гэты раз у Івольску, калі восенню я прыйшла на месца бухгалтара ў сельскі Савет, а яна ўжо працавала ў краме прадаўцом. Безумоўна, нашы хлопцы не маглі не заўважыць сімпатычную маладзенькую прадаўшчыцу. Закахаўся ў яе і мясцовы трактарыст Пётр Чыжоў. І доўгія заляцанні далі свае вынікі: 5 лістапада таго ж года Тамара і Пётр згулялі вяселле. Маладая сям’я стала жыць у бацькоў мужа ў пасёлку Дунай.
Кожны дзень Тамара спяшалася на працу ў краму, а было гэта не блізка – аж за тры кіламетры. У Дунаі Чыжовы пражылі пяць гадоў, там нарадзіўся іх першы сын. Пасля дэкрэтнага адпачынку маёй гераіні прапанавалі працаваць касірам у бухгалтэрыі калгаса. Разам з мужам Пятром яны даўно марылі аб сваёй хаце, і ў 1982 годзе іх мара здзейснілася. Новы год яны сустракалі ўжо ў набытым доме ў Івольску па цэнтральнай вуліцы Калініна, дзе жывуць і зараз.
Тамары Мікалаеўне давялося папрацаваць і ў школьнай сталовай поварам, і ў Івольскім сельскім Савеце бухгалтарам. І на якім бы месцы яна не была, заўсёды ўкладвала ў працу ўсё сваё старанне, цярпенне і душу. Напэўна таму аднавяскоўцы з павагай адносяцца і да яе самой, і да яе сям’і.
Чыжовы вырасцілі трох цудоўных сыноў. Яны працавітыя, ветлівыя, добразычлівыя, як і іх бацькі. Усе маюць свае сем’і, добра жывуць і гадуюць дзяцей. І з нявесткамі мая знаёмая добра ладзіць: да яе прыязджаюць, дапамагаюць ёй па гаспадарцы. У Тамары Мікалаеўны і Пятра Паўлавіча ўжо 5 унукаў. Але ў маладосці, як і ўсе жанчыны, мая гераіня вельмі хацела, каб нарадзілася дачушка. А зараз яна ганарыцца сваімі сынамі, бо ад іх заўсёды адчувае падтрымку, павагу і любоў. «Маючы такіх сыноў, і дачкі не трэба!» – з радасцю разважае шчаслівая матуля.
Тамара Мікалаеўна – добрая жонка, маці, бабуля. А яшчэ, як паказаў час, яна стала і ўдзячнай нявесткай: старанна даглядала сваю хворую свякроў на працягу васьмі гадоў. Таму з вялікай павагай да сваёй жонкі адносіцца і муж Пётр Паўлавіч. У канцы восені мінулага года сям’я Чыжовых адзначыла свой 45-гадовы юбілей сумеснага жыцця. А гэта, пагадзіцеся, немалы адрэзак, дзе былі і радасці, і цяжкасці. І толькі калі ёсць каханне ды згода, узаемаразуменне і саступкі, сямейны саюз будзе трывалым.
Пэўны час Тамара Чыжова была ўдзельніцай народнага фальклорнага калектыву “Сінічкі”. Толькі за працай, за хатнімі справамі, вялікай гаспадаркай, а потым і са з’яўленнем на свет унукаў вольнай хвіліны заставалася ўсё менш, таму прыйшлося зрабіць выбар у бок сям’і. Але спяваць яна вельмі любіць. І калі моцна захварэла падчас каранавіруснай інфекцыі (ляжала нават пад апаратам ШВЛ), успамінала ўсе песні, якія спявалі ў калектыве, і ціхенька іх напявала. Можа і яны дапамаглі ёй справіцца з хваробай, бо адцягвалі ад дрэнных думак. А яшчэ дапамагла вялікая любоў да жыцця, да сваіх самых блізкіх і цвёрдая ўпэўненасць, што яна ўсё пераадолее.
Хачу адзначыць адну ўнікальную асаблівасць маёй гераіні – яна мае добрую памяць на падзеі. Таму дакладна можа ўспомніць і год, у якім яны адбываліся, і самыя яскравыя іх моманты. Тамара Мікалаеўна яшчэ і клапатлівая сястра. Свайго малодшага брата яна ўгаварыла пераехаць таксама ў Івольск, каб быў побач. І тут ён знайшоў сваё каханне.
А ўвогуле сваю добрую знаёмую я магу назваць надзейнай сяброўкай, на якую можна заўсёды разлічваць. Па характары яна чалавек спакойны, але не баіцца выказаць сваю думку погляду. Згадзіцеся, гэта могуць рабіць моцныя духам людзі. І шчаслівыя! Да такіх, я лічу, адносіцца і мая гераіня – Тамара Чыжова.
З павагай,
Людміла Стахавец