22 студзеня 1986, Пінску нарадзіўся Чарнякевіч Ціхан Валер’евіч
- беларускі літаратуразнавец, крытык.
Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ.
Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць».
Аўтар вершаў, шматлікіх артыкулаў і публікацый у галіне літаратуры.
Супрацоўнічае з часопісам "Дзеяслоў", штомесячнікам "Літаратурная Беларусь", кампаніяй "Будзьма беларусамі!" і інш. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Перакладае з украінскай, польскай і англійскай моў.
Беларусіфікаваны.
З інтэрв’ю.
1. Для каго вы пішаце?
Для тых, хто ўмее чытаць па-беларуску.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
На самоце, у цішыні. Як правіла, ня дома.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
«Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Ластоўскага.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Лявон з апавяданьня Гарэцкага «Юбілеуш».
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Напішу «Міхась Стральцоў», хоць улюбёных, напэўна, чалавек сорак.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Двухтамовік ліставаньня Чэхава. Перачытваю салжаніцынскі «ГУЛАГ», фіналістаў сёлетняга Гедройця.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На украінскай, польскай, ангельскай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Сын.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Пра Менск 1920-х гадоў. Нон-фікшн, вядома. Прозы баюся.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі плаваю ў Піне на сьпіне.
***Н.К.
Шпацыруем у парку
І пінаем лісты.
Паваротак у арку,
Дзе «Салон красоты».
Разыходзіцца рэха.
Сіні знак на слупе.
Палавінкі арэха
У адной шкарлупе.
Сціжма перагародак,
Пераціснуты лёх,
І так смажыць прырода,
Што хапіла б на трох.
Тут жа сіберны холад,
Золь са снегам у твар.
Сустракай, шэры горад,
Кантрабандны тавар –
П’ецца поўнаю чарай,
Аплаўляе прыпой,
Уздымаецца парай
Над табой, нада мной,
У аблокі ўзлятае,
Дзе ў тым горадзе сад.
І ніхто не спявае.
І не прыйдзе назад.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев