Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай пытанням рэпрэсіяў, у рамках асноўнай праграмы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Разам з ёй у івэнце ўдзельнічала Юлія Навальная. Падчас размовы беларуская лідарка сфакусавала ўвагу аўдыторыі і суразмоўцаў на пытаннях вызвалення беларускіх палітвязняў, важнасці падтрымкі незалежных СМІ і ўплыву вайны ва Украіне на будучыню нашай краіны і ўсяго рэгіёну.
Асноўныя тэзісы Святланы Ціханоўскай:
📌 Вызваленне палітвязняў – вынік ціску на Лукашэнку
«У сераду тры чалавекі былі вызваленыя з беларускіх турмаў. І мы ўдзячныя новай адміністрацыі Трампа за тое, што гэта стала магчымым. Гэта былі скаардынаваныя намаганні амерыканскага боку і беларускіх дэмакратычных сілаў. Мы сапраўды ўпарта працуем над вызваленнем людзей. Але трэба разумець: вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі. Гэта адбываецца праз ціск, які ўвесь час аказваецца на рэжым Лукашэнкі».
📌 Скарачэнне фінансавання беларускіх СМІ пашырыць уплыў расійскай прапаганды
«Скарачэнне фінансавання USAID моцна паўплывала на многія незалежныя СМІ Беларусі. Яны вымушаныя працаваць у выгнанні, бо ўнутры краіны прызнаныя «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі». Сёння гэтыя медыя апынуліся на мяжы знікнення. Мы павінны разумець, што СМІ – гэта не тыя праекты, якія можна прыпыніць на нейкі час. Супрацьстаянне прапагандзе павінна весціся штодня. Калі незалежныя галасы замаўчаць, іх месца тут жа зойме расійская і беларуская прапаганда».
📌 Ад вынікаў перамоваў па Украіне залежыць будучыня ўсяго рэгіёну
«Існуюць два асноўныя сцэнары перамоваў па Украіне. Першы – справядлівы мір і перамога Украіны. Толькі справядлівы мір у перамовах па Украіне дасць магчымасць Беларусі і многім іншым краінам змяніцца да лепшага, таму што лёс Беларусі і Украіны глыбока звязаны. Перамога Украіны будзе велізарнай магчымасцю для людзей зноў адкрыта супраціўляцца не толькі ў Беларусі. Гэта таксама дасць шанец Малдове, Грузіі, Арменіі. Таму, дапамагаючы Украіне, вы дапамагаеце ўсяму рэгіёну. Другі варыянт – працяг паўзучай акупацыі нашай краіны з падачы Лукашэнкі, які цяпер служыць інтарэсам Пуціна, а не беларускага народа. У такім выпадку мы страцім Беларусь на доўгія гады. Калі Украіна не пераможа ў гэтай вайне – гэта ўзмоцніць Пуціна, і нашыя найбліжэйшыя суседзі – Польшча, Літва, Латвія, Эстонія апынуцца пад самай вялікай пагрозай знікнення праз гэта».
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев