ДОМ СТАРАСТЫ Ў СТОЎБЦАХ.
Калі на старонках польскага выдання 1925 года ”Budowa domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnic” мне трапіў гэты фотаздымак (Фота №1), першае, што апанавала – здзіўленне. Пад здымкам подпіс: (пераклад з польскай) “Ваяводства Навагрудскае. Стоўбцы. Фрагмент дому для старасты тыпу 11С. Праект дыпламаванага інжэнера Ежы Бейля. Кіраўнік работ інжэнер-архітэктар Вітольд Выганоўскі”.
Дзе ж такі дом у Стоўбцах? Чаму ніколі аб ім не гаварылі старажылы, якія памятаюць даваенную забудову горада? Магчыма, ён загінуў у вайну, як большасць дамоў калоніі ўраднікаў, якія размяшчаліся па вуліцы, што сёння завецца - вуліца Камінтэрна. Калі будынак тыпавы, то ў якіх суседніх гарадах былі ўзведзены дамы па гэтым жа праекце?
Спачатку была знойдзена інфармацыя аб аўтары праекта. На памежных усходніх землях на конкурснай аснове былі прыняты да рэалізацыі праекты толькі 21 архітэктара Польшчы. Калі Ежы Бейль (Фота № 2) у іх ліку, то яго асоба заслугоўвае больш пільнай ўвагі.
Пошук звестак аб архітэктары з вялікай колькасці крыніц даў наступную інфармацыю. Гэта вядомы польскі архітэктар, па праектах якога былі пабудаваныя такія знакамітыя аб’екты, як Палітэхнічны універсітэт у Гданьску, гімназія імя Стэфана Баторыя ў Варшаве (1925г.), гімназія імя каралевы Ядвігі ў Пулаве. А на тэрыторыі “крэсаў усходніх”, у ліку якіх была Стаўбцоўшчына, па праекце Ежы Бейля была ўзведзена гімназія караля Хадкевіча ў Лідзе. Яна і зараз радуе вока сваім непаўторным воблікам. Пасля вайны вопытны архітэктар займае пасаду начальніка аддзела Міністэрства рэканструкцыі (1946г.).
Ганаровы член Грамадства польскай горадабудаўнікоў Ежы Бейль займаўся і выкладчыцкай дзейнасцю. Ён быў асістэнтам кафедры гісторыі архітэктуры Тэхнічнага ўніверсітэту ў Карлсруэ. Высокі прафесіяналізм творцы перыядычна адзначаўся ўзнагародамі па выніках вялікай колькасці разнастайных архітэктурных конкурсаў.
Вось і ў нашым выпадку праект дома старасты Ежы Бейля быў прыняты на конкурснай аснове, як лепшы, да будаўніцтва амаль ва ўсіх памежных гарадах. Па гэтым праекце будаваліся дамы для старастаў у Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Навагрудку, Слоніме, Лідзе, Клецку, Валожыне. Такія дамы захаваліся ў Нясвіжы, Валожыне, Лідзе, Слоніме і Клецку.
Па прыведзеных падрабязных планах з вышэйзгаданага выдання, замалёўках архітэктара (Фота №3), а таксама фотаздымках дамоў для старастаў, якія захаваліся ў іншых мясцовасцях (у некаторых часткова), былі вылучаны асноўныя архітэктурныя элементы дэкора і асаблівасці размяшчэння ўнутраных памяшканняў, лесвіц, аконных праёмаў.(Фота №4) (Фота №5).
Такі аналіз даў нечаканыя вынікі. Адзін з вонкавых дэкаратыўных элементаў – незначныя заглыбленні–нішы (25 см) – з завяршэннем у выглядзе конхі (Фота №6) нечакана “знайшоўся” у будынку… РАЁННАЙ АПТЭКІ, якая размяшчаецца ў Стоўбцах па вуліцы Гайдука (былая Рубяжэвіцкая). (Фота №7). У ім было вельмі цяжка “пазнаць” дом старасты, але далейшы аналіз толькі ўмацоўваў першапачатковую здагадку.
Часткова пашкоджаныя дамы старасты ў Баранавічах і Валожыне таксама мелі той жа дэкаратыўны элемент на фасадзе. Яго не заміналі разгледзець масіўныя калоны порціка з балконам, якія былі прадугледжаны ў праекце Бейля.
У будынку аптэкі ў Стоўбцах цяпер можна выдзяліць фасад і тую сцяну з дзвярным праёмам, якую заціксавала фота 1925 года. (Фота №8). Замест пілястраў перабудова нам пакінула толькі лапаткі. Уваходная група пазбавілася прыгожага парога (засталіся рэшткі, як невыразны элемент фундаменту) і замест дзвярнога праёма мы маем ваконны.
Заглыбленыя дзверы – бакавога ўваходу, які стаў парадным, не змянілі свайго памеру. Тут тая ж, як і на здымку 1925 года, колькасць прыступак. Новыя вокны, размеркаваныя на плоскасці ўсходняй сцяны несіметрычна, гавораць пра тое, што будынак прыстасоўвалі пад новыя функцыянальныя патрэбы. На ўсходнім яго баку з цэнтральнага аконнага праёма ніжняга паверха зроблены дадатковы ўваход, які адкрывае карыдор, на месцы якога ў першапачатковым плане быў санвузел.
Гаспадарчая пабудова ў двары аптэкі мае «негаспадарчага» памеру вялікія вокны. Размяшчаецца яна ў тыльнай частцы двара, калі суадносіць яе з былым фасадам, зарыентаваным на захад.
У Баранавічах у былым доме старасты захаваўся магутны дах, які па вышыні большы, чым асноўны аб'ём будынка. Нагадаем, што такія прапорцыі - найяскравейшая архітэктурная адметнасць, якая адрознівае закапанскім стыль. Пры рэканструкцыі нашага дома старасты быў надбудаваны яшчэ адзін паверх, які працягнуў сценавыя плоскасці яшчэ на адзін узровень. Добра што апорныя сцены, якія выконваліся ў адпаведнасці з тагачаснымі будаўнічымі нормамі і правіламі з лёгкасцю змаглі вытрымаць дадатковую нагрузку – яшчэ адзін паверх. Перакрыцце выканана на невысокіх кроквах, таму моцна адрозніваецца ад першапачатковай архітэктурнай задумкі аўтара. Менавіта такія значныя змены, якія вытрымаў дом старасты ў Стоўбцах пры перабудове і выклікалі цяжкасці ў яго ідэнтыфікацыі.
Стаўбцоўскі старажыл, аўтар краязнаўчага выдання “Стоўбцы. Гісторыка-ілюстраваны аповяд” Аркадзь Уладзіміравіч Змачынскі па фотаздымку 1925 года апазнаў дом старасты. Яшчэ ён падзяліўся сваімі дзіцячымі ўспамінамі пра тое, што да вайны ў двары гэтага дома быў пабудаваны вальер ў выглядзе церамка, дзе гаспадар трымаў пару аленяў. Дзеці часта бегалі глядзець як алень і аленіха прагульваліся па двары, елі сена.
Не вельмі ўпэўнена, але згаджаецца са Змачынскім старажыл Шыран Таццяна Іосіфаўна. “Пры паляках тут жыў стараста (а можа які купец ? ). У першыя дні вайны дом быў нязначна парушаны, але скора тут пасяліўся нейкі нямецкі чын. Захопнікі думалі, што прыйшлі сюды назаўсёды, таму абсталёўвалі сабе жытло якнайлепш. Немец сабе дом адрамантаваў, прыгожа пафарбаваў, паставіў вакол магутны плот. У двары было вельмі прыгожа. Магчыма, шыпоўнік у сёняшнім двары аптэкі яшчэ ад тых прыгожых ружаў, што былі тут высаджаныя ў гады вайны. А можа я і памыляюся”.
Пацярпеў найбольшыя страты будынак у 1944 годзе, пры вызваленні Стоўбцаў. Пасля вайны і пасля вышэйзгаданай рэканструкцыі ў будынку размясцілі радзільнае аддзяленне мясцовай раённай бальніцы. Так што яшчэ паўвека будынак актыўна “прымаў удзел” у лёсах стаўбчан. Цяпер яны таксама часта яго наведваюць, бо без аптэчных лекаў цяжка абыйсціся.
Вельмі шкада, што будынак Ежы Бейля так моцна перамяніў час. Пошук хаця б якіх-небудзь звестак аб ім будзе абавязкова працягвацца. Цяпер толькі застаецца любавацца гэтым праектам, наведваючы суседнія раённыя цэнтры, напрыклад Нясвіж (Фота №9), дзе ў доме старасты ўтульна размясціўся ЗАГС.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Комментарии 4
Дзякую,Людміла, за вашу крапатлівую працу!