Іван з Беларусі
Сярод іх, вядома, былі і беларусы. З адным з такіх мне пашчасціла пазнаёміцца асабіста. На жаль, усяго некалькі месяцаў таму знакаміты пісьменнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Муравейка завяршыў свой зямны шлях. Аднак напярэдадні Дня Перамогі дарэчы згадаць яго ваенны лёс.
Іван Андрэевіч быў на фронце з першага да апошняга дня. «На першай лініі абароны Масквы, у раёне Ярцава — Ельня, мяне цяжка параніла, — успамінаў ветэран. — Апынуўся ў глыбокім тыле, дзе нават вокнаў вечарамі коўдрамі не завешвалі: у Алтайскім краі, у Слаўгарадзе. Там, у шпіталі, мяне «рамантавалі» да канца лютага 1942 года. Потым былі пяцімесячныя курсы — і я малодшы лейтэнант, камандзір мінамётнага ўзвода».
Ён ваяваў у Сталінградзе, фарсіраваў Дняпро, Днестр, Буг, Віслу, Одэр. Да Берліна Іван Муравейка дайшоў не толькі са зброяй, але і з алоўкам у руках: з'яўляўся літсупрацоўнікам дывізіённай газеты, затым — ваенным карэспандэнтам. Пра гісторыю сваіх узнагарод (два ордэны Айчыннай вайны l ступені, ордэн Айчыннай вайны ll ступені, ордэн Чырвонай Зоркі) ветэран расказваць не любіў — чалавекам ён быў надзвычай сціплым. Затое з задавальненнем прыгадваў той дзень, калі яго дывізія брала Рэйхстаг, дзе ён на матчынай мове пакінуў кароткі запіс: «Іван з Беларусі» (у 2010 годзе з-пад пяра пісьменніка выйшла кніга пад назвай «Я — Іван з Беларусі»). «Гэта было нешта большае, чым свята, — успамінаў той дзень франтавік. — Па Берліне вялі немцаў. Гэта былі не тыя немцы, якія ішлі на Маскву. Яны крочылі, апусціўшы галовы...»
Комментарии 3