Андрэй Пракапчук "Вяселле ў Бродках"
Маё дзяцінства праходзіла на хутары Бродкі, побач з Рэдзігеравам.
Андрэй Пракапчук - мой бацька -дапамагаў на Волзе тры гады будаваць гідраэлектрастанцыю. Таму я да 1956 года гадаваўся ў бабулi Евы i дзядулi Сяргея ў Бродках, а мацi Галя з меншай дачкой Раяй жыла ў сваёй хаце ў Рэдзiгераве. Ёй адной цяжка было пракармiць дзвюх малых дзяцей.
Жыццё на хутары, як i ўсюды ў тыя часы, было нялёгкiм. Але дзякуй бацькам майго бацькi, я не галадаў i голым не хадзiў. Яны, як маглi, прыкладвалi для гэтага вялiкiя намаганнi. Я i брат майго бацькi Вася, якi быў старэйшы за мяне толькi на два гады, без працы не сядзелi, - дапамагалi старэйшым па гаспадарцы. Намi ўсiмi кiравала бабуля. Дзядуля таксама хадзiў у падначаленых.
Але здаралiся ў нашым сумным хутарскiм жыццi смешныя i не вельмi казусы i кур'ёзы. Так, неяк Еву i Сяргея iх сусед Панцялей Нiкiцiч з жонкай, якiя жылi насупраць праз балота, запрасiлi ў госцi на вяселле свайго сына. Бабуля ўзяла з сабой i мяне - пяцiгадовага Андрушу. З самага пачатку ў гаспадароў нешта пайшло не так. Пракол адбыўся з маладымi канямi, на якiх маладыя са сватамi зранку павiнны былi ехаць у Лахву ў храм вянчацца. Нявопытны фурман суседскi хлопец Якоўчык Лявон распрог iх перад дарогай, каб прывесцi ў адпаведны святочны стан: накрыць папонай, памяняць вупраж, упрыгожыць яе кветкамi, павесiць на шыi званочкi, - хоць i не валдайскiя. Але забыўся прывязаць цi звязаць iх ногi путамi. Пакуль вясельная свiта вошкалася, выносячы ўсе патрэбныя прычандалы, конi збеглi са двара. Хто з дарослых быў вольны, кiнулiся на iх пошукi. Ішлi па конным слядам, як слядапыты з iндзейскага племенi магiкан. Нікіцічы ад хвалявання за канчатковы вынiк ледзь Лявона не прыдушылi. Праз некаторы час сляды коней прывялi пагоню ў калгасную канюшню. Радасць даганяючых была бязмежная, але кароткатэрмiновая, - з чатырох уцёкшых коней аднаго не хапала. Мабыць той самастойна выбраў маршрут для уцёкаў, i зараз дзесьцi на выпасе ласаваўся свежай травой. Другiх вольных коней у канюшні не было. Што рабiць? На адным вазку ехаць у храм неяк няёмка - так не бывае. Дапамог старшыня калгаса Пышняк Мiкола, таўсты дзяцюк са Столеншчыны, у штанах галiфэ i ў капялюшы на голенай галаве, якi быццам добры чараўнiк аднекуль з’явiўся ля канюшнi на прыгожым сваiм вазку:
- Ну, што, гарамыкi, вяселле пад пагрозай?- жартуючы спытаў Пышняк.
- Ды вось конь адзiн прапаў, можа яго воўк з’еў пакуль ён бег?- адказаў у роспачы пытаннем на пытанне Панцялей Нiкiцiч.
-Бачу, у вас часу няма на балбатню. Хутка бярыце майго коніка разам з вазком. Не паспееце i гарбаты келiх выпiць, як ён замчыць вашых маладых да святара ў Лахву. А я тут як небудзь выкручуся.
Так i зрабiлi. Дзве фурманкi маланкаю ляцелi па шляху, быццам гэта былi егiпецкiя каляснiцы i iмi кiраваў сам фараон. Гук званочкаў далёка разносiўся па абшары, радасна абвяшчаючы ўсiм пра наша вяселле. Хутка наша бродкаўская пара ўжо стаяла ў храме i цалавала крыж, даючы слова Богу быць ў шлюбе вернымi адзiн перад другiм. У вынiку вянчанне прайшло лепей не трэба. Назад картэж вяртаўся больш сцiпла, але з гонарам. Вяселле ўдалося на славу: прайшло цiха, спакойна, без усялякiх недарэчнасцей.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Комментарии 1