🔴 ЁЎНІК, Асетнік - сядзібны дух, які
жыве ў ёўні (асеці), у печы ці на печы. Блізкі сваяк Лазьніка, зь якім яднаецца вогненным паходжаньнем, і Дамавіка, ад якога ён адрозьніваецца толькі тым, што з'яўляецца не ў белай вопратцы, а ўвесь чорны ад дыму, з палаючымі, нібы вугольлі, вачыма. Часьцей Ёўнік нябачны для людзей, але калі робіцца бачны, то ўяўляе сабою чалавекападобную масу, дзе праз сажу, пыльнае павуціньне і наліплую мякіну нельга разгледзець яго асобныя формы. Ёўнік рупіцца, каб правільна палілася сушыльная печ і сушыліся снапы і зерне, пасылае патрэбны для веяньня скразьняк, дапамагае спорыць работу. Калі ў сушні апрацоўваецца лён і пянька, ён дапамагае каля мялкі і трапалкі. Любіць Ёўнік, калі сушня замяняе лазьню, і можна змыць з сябе сажу і пыл. Ёўнік рэдка пакідае печ ці сушыльную жордку і робіць гэта толькі тады, калі трэба агледзець ток, склады снапоў, паназіраць за малацьбою і работнікамі або калі неабходна выкашляць пыл i сажу. Пры наведваньні асеці непатрэбнымі асобамі Ёўнік палохае іх, а ненавісьніка можа задушыць чадам ці нават спаліць разам з дабром. Ёўнік не баіцца звычайнага агню і можа спакойна збоку назіраць за пажарам, каб потым вярнуцца на сваю печ ці на абгарэлае бервяно і жыць да адбудаваньня новай асеці. Аднак Ёўнік можа загінуць у пажары ад маланак: мякінны пыл імгненна ўспыхвае, і Ёўнік згарае, не пакідаючы пасьля сябе ні пылінкі. Іншы Ёўнік ня пойдзе ў ёўню, адбудаваную на тым самым месцы: пабудова застанецца бяз духа. Каб залагодзіць Ёўніка, прыносяць яму ахвяру: пры наладжваньні ёўні адзін сноп кідаюць у агонь, каб Ёўніку «была занятка». Калі ж угнявіць яго, ён сам пачынае паліць снапы і ёўню.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев