🔴 ВАЛХВЫ - у перыяд Кіеўскай Русі
назва паганскіх сьвятароў. Можна меркаваць, што Валхвы да прыняцьця хрысьціянства складалі спэцыяльную карпарацыю, якая займалася рэлігійнымі справамі і падтрымлівалася дзяржаўнымі ўладамі. Накірункі дзейнасьці Валхвоў былі вельмі разнастайнымі, пра што сьведчаць летапісы, якія прыгадваюць вялікую колькасьць розных «спэцыялізаваных» катэгорый Валхвоў: вешчуны, кобнікі, кашчуньнікі, чараўнікі, ведуны, баяны, воблакаразгоньнікі і т. п. Сустракаем у крыніцах і жаночыя спэцыяльнасьці: чараўніцы, ведзьмы, чарадзейкі, навузьніцы ды інш.
Валхвы выконвалі шырокае кола рэлігійных абавязкаў. Яны адпраўлялі культы славянскіх бостваў, з чым было зьвязана і прынясеньне ахвяраў на пашану гэтым багам,. Валхвы павінны былі назіраць і за каляндарна-астранамічнымі зьменамі. Мы ведаем, што ў славянаў у дахрысьціянскую эпоху ўжо існаваў дастаткова разьвіты каляндар, зьвязаны з паганскімі рэлігійнымі ўяўленьнямі. Вялікую ролю ў ім гралі рэлігійныя сьвяты, прымацаваныя да розных каляндарных перыядаў і з'яваў. Займаліся Валхвы і «карэктаваньнем» надвор'я, напрыклад падчас прыродных бедстваў. Ніводная вялікая справа ў славянскіх плямёнаў не пачыналася без правядзеньня спэцыяльных абрадаў варажбы, прадказаньня будучыні, што займала немалое месца ў дзейнасьці паганскіх сьвятароў. Значную ролю ў грамадстве гралі Валхвы, якія займаліся знахарствам, ведаўством, лячэньнем розных хваробаў. Зь дзейнасьцю Валхвоў была зьвязаная і паэтычная творчасьць у Кіеўскай Русі. Можна меркаваць, што менавіта яны былі складальнікамі і сьпевакамі эпічных і былінных твораў, дзе добра адчуваецца сусьвет паганскіх багоў.
Пасьля прыняцьця хрысьціянства ў 988-989 гг. хрысьціянскі клір і прадстаўнікі княскай улады пачалі шырокія ганеньні на Валхвоў. Але яшчэ на працягу ХІ-ХІІІ стст. было шмат прыкладаў уплыву іх на народ, зь імі ідзе няспынная барацьба, аб чым прыгадваюць пісьмовыя крыніцы. Асабліва часта гэта адбывалася на далёкіх ускраінах, але ёсьць прыклады адкрытай дзейнасьці Валхвоў і ў сталіцах княстваў. Напрыклад, Валхвы даюць парады пры нараджэньні полацкага князя Ўсяслава Чарадзея (блізу 1029—1101), які, дарэчы, як сьведчыць летапіс, нарадзіўся «ад валхваваньня», а ў былінах называецца Вольхам Усяславічам.
Паступова назва «валхвы» зьнікае са старонак гістарычных крыніц. Але ж дзякуючы дастаткова талерантнай
рэлігійнай палітыцы ў Вялікім Княстве Літоўскім, а да гэтага нейкі час і ў Полацкім Княстве, паганскія капішчы і сьвятары захоўваліся яшчэ даволі доўга. У Тураве запісана паданьне «Пра папа ідальскага», дзе апавядаецца пра сьвятара ў сьвяцілішчы каля горада, які дапамагаў хворым людзям, пакуль князь не забараніў шанаваць паганскіх багоў.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев