🔴 ПАВУК.
У беларускай мітапаэтычнай традыцыі з вобразам Павука асацыююцца найперш працавітасьць і добрыя прадказаньні. Але заўзятая працавітасьць калісьці і падвяла Павука і нават сталася для яго конам-праклёнам. Так, паводле захаванай на Гомельшчыне вэрсіі колішняга этыялагічнага міта, Павук і пчала былі братам і сястрой. Аднойчы, калі памірала іх маці, прыляцела сарока спачатку да пчалы, а потым і да Павука, і паведаміла сумную вестку. Пчала адразу ж кінула сваю працу і паляцела да маці, а Павук, спаслаўшыся на вялікую занятасьць, застаўся за сваёй працай. За гэта маці пракляла яго, і ён вымушаны вечна ткаць сваё павуціньне і ніяк яго не скончыць. Гэты матыў перагукаецца з вядомым старагрэцкім мітам пра суперніцтва майстрыхі-ткаллі Арахны (ад ст.-гр. páxvn «павук») зь вялікай Атэнай і пра яе пакараньне за пахвальбу сваім майстэрствам ператварэньнем у Павука, які з тае пары вечна мусіць ткаць павуціньне. Прыведзеная вышэй вэрсіі тлумачыць і пачатак непрыязных, нават варожых дачыненьняў паміж Павуком і пчалой, якія больш выразна праяўляюцца ў казцы «Каваль», дзе Павук палоніць у павуціньне пчалу сабе на спажытак. Пчалу ратуе каваль, за што пчала паказвае яму крыніцу з жывой вадой.
Разам з тым лёгкасьць, «паветранасьць» павуціньня зьвязвае Павука са сфэрай нябеснага, боскага. Паводле іншай легенды, «павуку вызначана ад Бога глядзець за хлебам». Ён пільна сочыць за людзьмі, якія кідаюць крошкі хлеба і, узносячыся на павуцінні да неба, дакладае аб гэтым Богу, а Бог карае людзей за гэта памяншэньнем ураджаю.
Павук - «стваральнік», і, відаць, таму ён выступае своеасаблівым індыкатарам пры выбары месца пад новае жытло: калі на новым месцы ён за ноч сатчэ ў жбане павуціньне лічылася ўдалым.
Суаднесенасьць Павука зь нябесным, салярным (дзякуючы асаблівасьцям будовы, формы павуціньня) супрацьпастаўляе яго хтанічным істотам. Так, нельга было абрываць і вымятаць павуціньне ў гумне, бо іначай разьвядуцца мышы. Павука забаранялася забіваць, калі расцісьнеш Павука або парвеш павуціньне, то будзе балець галава (Тураўшчына) ці здарыцца нейкае іншае няшчасьце. Суаднесенасьць Павука з «іншасьветам» тлумачыць яго вяшчунскія здольнасьці. Так, Павук, які спускаўся па сваім павуціньні ў хаце, прадвяшчаў з'яўленьне гасьцей. Блізкая сэмантыка дарогі праглядае і ў вясельнай песьні:
«Божа, Божа!
Павучок па сьценцы йдзе,
Павуцінейка вязе.
Божа, Божа!
Леначка да столу йдзе,
Мамачцы ў ножкі падзе:
- А мамачка родная,
Перайдзі дарожаньку...»
Наагул жа мела значэньне як месца, так і час спусканьня Павука па павуціньні. Калі Павук спускаецца перад кімсьці, то таго чакае нейкі прыпадак, не абавязкова ўдалы. Аднак удача ці няўдача тут залежала ад часу з'яўленьня Павука: калі перад абедам ці проста ўдзень, то чакае непрыемнасьць, калі ж пасьля абеду ці ўвечары, то прыпадак будзе ўдалы. Калі Павук спускаецца проста на галаву чалавеку, той атрымае нейкі падарунак, яго чакае дарога або ён атрымае ліст. Павук, які спускаецца на стол або ў пасудзіну ў час яды, прадвяшчае прыбытак у хаце, удалае завяршэньне распачатых справаў, але, магчыма, сям'я мае патаемнага ворага. Існавала таксама павер'е, быццам на т. зв. ляным дубе водзіцца гэткі Павук, што як яго з'есьць карова, то безварункава памрэ (Случчына). Вядомая беларускай традыцыі і асацыяцыя Павука з удаўцом. Так, жнеі пасьля праполваньня барады варажылі пра будучае замужжа - падымалі снапы, на якіх яны спажывалі дажынкавую яешню, і глядзелі, што будзе пад імі. Калі бачылі Павука, то гэта прадказвала шлюб з удаўцом.
Відавочная амбівалентнасьць вяшчунскіх здольнасьцяў Павука зьвязаная з яго судачыненьнем з пачатковымі фазамі касмагенэзу. Ён сымбалізуе сабой менавіта той пракаветны ідэальны стан Сусьвету (не крануты яшчэ распадам і хаосам вырай), калі ўсе рэчы і ўсе істоты былі злучаныя паміж сабой і з богам-творцам нябачнымі нітамі-павуцінкамі, і які пазьней быў людзьмі страчаны (М. Эліядэ). Нездарма ў старажытных касмагоніях Бог - Стваральнік Сусьвету - параўноўваўся менавіта з ткачом-Павуком, а сам працэс стварэньня Сусьвету прыпадабняўся да працэсу вытканьня тканіны, дзе аснова (у іншых адменах - уток) сымбалізавалася пачатковымі водамі. У стараіндыйскай традыцыі гэта сам Брахма. У беларускай касмагоніі гэты вобраз хутчэй суаднесены зь іншым удзельнікам стварэньня Сусьвету, будучым антаганістам Бога-творцы, чортам: «... Моташна чорту, хочацца яму ўсё насеньне з жывата выкінуць, от ён снуе па вадзе, бы павук, да ўсё блюе. Па немалым часе ўся вада закрылася лазою да ракітаю». Прыгадайма з гэтай нагоды і беларускі выраз: «У панядзелак сьвет снаваўся...», таму, маўляў, і любую справу добра распачынаць з панядзелка (хаця часьцей панядзелак лічыўся, наадварот, Днём нешчасьлівым).
Месцазнаходжаньне Павука у куце (у тым ліку і ў чырвоным) дазваляе разглядаць яго як ахоўніка сям'і і яе дастатку. Гэта выяўляецца ў шырока распаўсюджаным яшчэ нядаўна звычаі рабіць саламяныя аб'ёмныя ўпры- гожваньні - «павукі» - напярэдадні Калядаў і Вялікадня і вешаць іх «на шчасьце» у покуці над сталом. Невыпадковай з'яўляецца форма гэтых вырабаў: шарападобная (нагадвае сонца з разыходнымі прамянямі), рамбічная (ромб як архаічны сымбаль урадлівасьці і плоднасьці) і зоркападобная. Магчыма, што менавіта касмаганічныя функцыі Павука і яго павуціньня адлюстраваныя ў адным з народных назоваў сузор'я Пляяды (або Воза) Сіма, паколькі Павук з павуціньнем звычайна загадваецца праз сіта: «Вісіць сіта, не рукамі віта, хто адгадае, той многа знае».
З пашырэньнем хрысьціянства з'явіліся паданьні пра ратаваньне Павуком тых або іншых біблейскіх пэрсанажаў (Хрыста ад цара Ірада, Давіда, Мухамеда і пад.). Беларускаму фальклёру вядомы матыў пра ратаваньне цара Салімона (Саламона): Павук заплёў павуціньнем уваход у пячору, у якой хаваўся цар Салімон, і тым падмануў варту, якая таго шукала.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев