🔴 ВЯНОК - рытуальны прадмет, абрадавае выкарыстаньне якога перадусім зьвязана з магічным асэнсаваньнем яго Формы (круглы прадмет з адтулінай). Менавіта форма абумовіла апатрапейную моц Вянка, калі ён аберагаў ад нячыстай сілы, хваробаў і чарадзейства. Празь Вянок працягвалі хворых дзяцей, працэджвалі малако і да т. п. (параўн. абрадавае выкарыстаньне хамута).
Вянок належыць да ліку асноўных атрыбутаў вясельнага абраду. Яго шлюбная сымболіка замацавалася ў любоўнай магіі і шматлікіх варожбах. Галоўны сымбалічны сэнс Вянка маладой - увасабленьне дзявоцкасьці (параўн. матыў «страчанага вяночка»). Вянок надзявалі на галаву памерлым дзецям і нежанатай моладзі, а ў Віцебскім павеце Вянок клалі ў труну і жанатаму мужчыну, толькі сплецены з папараці, а не з руты, як плялі нежанатаму хлопцу.
Сваю ролю адыграла само дзеяньне па вырабе Вянка: зьвіваньне, віцьцё, скручваньне, завіваньне ж Вянка у гаспадарчым календары выступае адным з прыёмаў земляробчай магіі («Мы заўем вяночкі, мы заўем зялёныя, на жыта густое, на ячмень каласісты, на авёс расісты»). У складзе каляндарнай абраднасьці Вянок пазначаў асноўную асобу рытуалу, захоўваў прадукавальны, абарончы і шлюбны сэнсы. Вянок з зеляніны ўпрыгожвалі «русалку» ці плялі адзін вялікі Вянок, які выносілі за межы вёскі. Зьнішчэньне Вянка сымбалізавала «выгнаньне русалкі». Вянок вылучаў сярод іншых удзельнікаў абраду «Куста» прыбраную у зеляніну дзяўчыну, Вянок плялі на Сёмуху ў час збору траецкай зеляніны. Вянкі выступалі як абавязковы атрыбут купальскіх ігрышчаў. Іх надзявалі на галаву, перакідвалі праз вогнішча, але найбольш была пашырана варажба з пусканьнем Вянка па вадзе. Купальскі Вянок надзяляўся і абарончай функцыяй яго надзявалі карове на рогі "ад ведзьмаў". Асноўным рытуальным значэньнем дажынкавага Вянка было ўвасабленьне новага ўраджаю, плёну, багацьця. Вянок прыносілі дадому, потым старанна абмалочвалі і гэтым зернем першым засявалі ніву. Круг Вянка як бы ўвасобіў у сабе гаспадарчы кругазварот: сеяньне — жніво сеяньне.
Такім чынам, выява кола-Вянка як аховы ад злых сілаў, перажытак салярнага культу і сымбаль дзявочай чысьціні шмат што значыла ў абраднасьці беларусаў, спрыяла замаўленьню ўрадлівасьці і дабрабыту. Вянок захаваў і старажытны сэнс ушанаваньня герояў, сымболіку славы. Важнасьць і шырыня выкарыстаньня гэтага сымбаля спарадзіла да жыцьця асобнае выслоўе «як у вянку» са значэньнем «вельмі добра, хораша».
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев