🔵 Злы́дні — у беларускай і ўсходнеславянскай міталёгіі варожыя духі, якія насылаюць на людзей няшчасьці.
У беларускім фальклёры гэта малыя, гарбатыя, скурчаныя істоты, у вялізных ботах і шапках-вушанках. Падобныя ці то да катоў, ці то да сабак.
У сквапных гаспадароў у хатах жывуць шкадлівыя злыдні. Толькі гаспадар за вароты, яны вылазяць са хованак і пачынаюць вэрхал. Б’юць посуд, разьліваюць малако з глечыкаў, кідаюць патэльні па хаце.
Часам яны нападаюць на пэўную хату, і там ужо нічога не вядзецца. Звычайна жывуць вялікім гуртам у падпеччы, робяць адтуль вылазкі па ўсёй гаспадарцы і губяць розную маёмасьць. Заглядваюць ва ўсе гаршкі, у лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако наліваюць вады, псуюць у дзяжы хлеб, крадуць у курэй яйкі. Ёсьць беларуская прымаўка: «Упрасіліся злыдні на тры дні, а і ў тры гады не выжывеш».
Займаюцца злыдні пераважна шкодніцтвам, імкнуцца хутчэй навесьці беспарадак. У беларускім фальклёры часам гавораць, што злыдні селяцца ў дамах тых, хто хоча хутка разбагацець, але могуць пасяліцца без прычыны.
Злыдні абавязкова нападуць на таго, хто працуе падчас яды. Забаранялася красьці ў суседзяў лыжкі, бо «завядуцца Злыдні» (Брагінскі р-н). Лыжка наогул устойліва зьвязана з мітычнымі злыднямі, яна рэчыўна ўвасабляе іх. У Лельчыцкім р-не верылі, што нельга падымаць знойдзеную лыжку — гэта злыдзень, таксама нельга і класьці на стол лішнюю лыжку, каб не клікаць злыдняў.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев