Если мать еще живая, счастлив ты, что на земле
Есть кому, переживая, помолиться за тебе…
Гэтымі словамі пачынаецца песня хрысціян Веры Евангельскай аб маці, якую вернікі выконваюць на пахаваннях сваіх сёстраў па веры, не раз даводзілася чуць. І таму яны, пакладзеныя на вельмі прыгожую мелодыю, часта гучалі ў маёй галаве падсвядома, гучаць і зараз, калі яе ўжо няма...
Нарадзілася мама ў 1928 годзе ў беднай сялянскай сям’і Максіма і Агрыпіны Барташэвічаў у в.Зарытава, што ў Ляхавіцкім раёне. Максім быў, на сваё няшчасце, удзельнікам ці не ўсіх войнаў, якія адбываліся на пачатку ХХ стагоддзя, і таму, на ягоны лес дасталіся не толькі штыкавыя атакі, але і кішкі салдат, за якія даводзілася цапляцца пад час іх. Хаця ў вёсцы яго і клікалі “маёрам”, тры гады дзеду давялося адбываць у нямецкім пляну. А калі вярнуўся, на месцы бацькоўскай хаты не застаў ні кала, ні двара. У 1919 годзе польскія легіянеры спалілі вёску, якая арганізавала партызанскі атрад і вяла змаганне за савецкую ўладу супраць тых палякаў. Жаніўся недзе ў свае 35 гадоў на самай малодшай дачцы з сям’і Карповічаў, у якой бацька памёр яшчэ ў 1913 годзе, пакінуўшы сіротамі чатыры дачкі і сына. Агрыпіне не засталося ніякага пасагу, акрамя невялікага сундука, абабітага жалезам, бацькоўская хата на краю вёскі была адзінай, якая не згарэла, а сям’я Максіма тулілася тады яшчэ ў зямлянцы. Вяселле згулялі ў хаце Максімавага дзядзькі, у якога сваіх было 18 душ. Гэта пасля дзед крыху разгарнуўся, адчыніў у сваёй невялічкай хатцы краму, у якой гандляваў газай, цукеркамі... Быў адукаваным, цікава расказваў пра свае ваенныя прыгоды, напісаў нават кніжку, рукапіс якой пры перасяленні ў новую вёску дзеці не захапілі. Ды на ўсім тым гектары зямлі, што яму дастаўся, пасадзіў сад, дрэўцы для якога набываў за грошы, дзеля якіх жонка брала ў багатых суседзяў лён, мяла, трапала, часала, прала, ткала, адбельвала тканіны. Напярэдадні нараджэння дачкі, якую назвалі Софіяй, дзеду прысніўся жахлівы сон. Дачка, якая толькі нарадзілася, пачала прасіць хлеба. Бацька ўзмаліўся: “дачушка, а дзе ж я набяруся табе столькі хлеба?” – “Не перажывай бацька, як вырасту стану багатай”, - адказала малая. Пры Польшчы Соня адвучылася 4 гады ў сваёй вёсцы, прыйшлі саветы зноў аказалася ў 4 класе, пры немцах ізноў у 4. Нарэшце ў 7 класе з сяброўкай пайшла паступаць у Нясвіжскую гімназію, схадзіла, але аказалася, што набор ужо быў завершаны, вучылася пасля ў Падлескай школе. І зараз лаўлю сябе на думцы, што не зусім ведаю, як яна атрымала далейшую адукацыю. Закончыла, мабыць, Баранавіцкі педінстытут, бо наведваючы Гродна пад час маёй вучобы ў ГСГІ неяк заўважыла Ніну Васільеўну Вінаградаву і сказала, што ў Баранавічах яна навучала іх батаніцы. Працавала спачатку недзе на Палессі, пасля вайны вучні былі старэйшыя за сваіх настаўнікаў, а пасля перабралася на сваю малую радзіму дзе выкладала і геаграфію, і нямецкую мову, але асноўным прадметам для яе была хімія. Які гэта быў цудоўны час. Выйшла замуж за шустрага малога (на галаву меншага за сябе) Івана Таранду, які яшчэ падлеткам стаў кінамеханікам і раз’язджаў з кінастужкамі па ўсім раёне. Трапіў у аварыю і тры гады адбыў у турме. Падчас пакарання будаваў адну з вежаў у Мінску на прывакзальнай плошчы. Пасля трохгадовай службы прыйшоў да Соні “маёрчыкавай” у прымакі, маючы пры сабе толькі патэфон ды вельмі шмат кружэлак да яго. Дарэчы, дзеці нашых суседзяў, летась укралі той тэлефон і раскідалі па вуліцы кружэлкі, якія павыгіналіся пад сонцам. Цяжкая і балючая страта, але і яе чалавек можа перажыць. Бацька працаваў шафёрам у калгасе. Памятаю і самазвал, і малакавоз, і пажарную машыну, але шмат гадоў вазіў старшынь калгаса, ад першага і да апошняга. Хаця пасля пятага класа ён вучыўся пакрыху толькі ў вячэрняй школе, заўсёды даваў разумныя парады кіраўнікам гаспадаркі. Бацька быў майстрам на ўсе рукі ён і вышываў, шыў кажухі і футравыя шапкі, валяў валёнкі, займаўся разьбой па дрэву, быў і электрыкам і першакласным шафёрам. Будаваліся, хоць ужо і чацвёрты раз за стагоддзе. Хтосці будаваў новыя дамы, хтосці купляў старыя ў тых, хто ад’яжджаў у 60-х гадах у Польшчу (такі шляхетны будынак купілі і мае бацькі), а хтосці перавозіў свае хаты з хутароў цалкам, паставіўшы іх на вялікія санкі і кожную хату мы сустракалі ўсёй вёскай. Зарытава расло, колькасць хат перавысіла паўтары сотні. Здавалася людзі тут будуць жыць доўга і шчасліва. Магчыма, жаданне вярнуцца туды на працу перамагло, калі я вырашыў пайсці вучыцца на агранома. Маці вельмі адпавядала таму высокаму прафесінаму ўзроўню вясковых настаўнікаў, якія ўсе прадметы вялі па беларуску, а школа, якая ў свой час дала рэспубліцы нават міністра асветы М.Г.Мінкевіча, ганарылася, што больш за палову яе выпускнікоў працягвалі вучобу ў ВНУ. Практычна са смерцю маці, якую ўсе называлі Максімаўнай, завяршыўся перыяд памірання пакалення настаўнікаў, кожнага з якіх памятаю, як велічайшую асобу. Прыгадваю сваю першую настаўніцу Надзею Фёдараўну Турко і яе мужа настаўніка чарчэння Івана Антонавіча, выкладчыцу матэматыкі, маю класную Алену Яўхімаўну Новік яе мужа, дырэктара школы Аляксея Фёдаравіча, маміну лепшую сяброўку, настаўніцу геаграфіі Галіну Рыгораўну Бураву, выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры Марыю Сцяпанаўну Такарчык і Таццяну Іванаўну Штундзер, беларускай мовы і літаратуры - Валянціну Фёдараўну Казлову, біялогіі – Вольгу Іванаўну Сіўковіч і шмат каго яшчэ. 34-ы год пайшоў, як я пасяліўся ў Гродна, але штотыдзень, а пазней два разы ў месяц наведваў сваіх бацькоў, якія былі прыцягальнай сілай. Маці выпісвала газеты, чытала іх і калі я лажыўся адпачыць з дарогі, сядала і расказвала навіны, якія я мог, на яе думку, не дачытаць. Бацька, як майстра на ўсе рукі, усё нешта будаваў у двары, але і заўсёды пытаўся сам у сябе, а каму гэта патрэбна, хто тут будзе жыць пасля яго смерці. Малыя тады ўнукі жылі ў бабулі і дзядулі і летам і зімой. Як толькі захворвалі, мы везлі іх туды на аздараўленне. У нашай сям’і дата 21-а з’яўляецца ракавой. 21 верасня ў розныя гады памерлі мае бабулі, спачатку Агрыпіна, а затым і Ганна. 21 лістапада 1988 года ў майго бацькі Івана, які знаходзіўся ў дочкі ў Століне, здарыўся інфаркт міякарду. Ён не змог працаваць з такім дыягназам ў калгасе і заняўся яшчэ больш цяжкай працай – вырабам помнікаў. Дзесяткі, калі не сотні камплектаў, ён паспеў зрабіць, вядома ж з дапамогай маці. Яны былі якаснымі, каштавалі амаль што дарма. Зараз такі помнік якраз у дзесяць разоў даражэйшы. Таму шмат хто з тых, хто жыве і зараз, зрабілі іх для сябе яшчэ да 1994 года, пакуль быў жывы бацька. Ён прыехаў да мяне ў Гродна, прыцягнуў дзве скрынкі яблык і іншых прадуктаў. Ён амаль не мог ужо ісці, так сціскала ў сэрцы. Планаваў купіць сабе яшчэ машыну, але планы тыя засталіся планамі. Вечарам забалела сэрца, ды так, што аніякія ўколы боль ужо не здымалі, хуткая дапамога паспела давезці яго да бальніцы, пачыналіся новыя суткі 21 лістапада і бацька памёр ад паўторнага інфаркту і ацёку лёгкіх.
Уся вялікая гаспадарка засталася на маці, у якой ад цяжкай працы балелі ногі, рукі, спаць было немагчыма. Мы ў выхадныя дні прыязджалі, нарэзвалі сечкі для каровы на тыдзень, даставалі са склепу буракі і бульбу, але цягаць вёдры ў астатнія дні, ды чыгунікі з бульбай, ёй адной было вельмі цяжка. Вечарам яна пачынала плакаць ад болю, суставы разбураліся поўнасцю. Калі трапіла ў шпіталь, доктар не паверыў, што ў такім стане яна яшчэ трымае гаспадарку. Пакуль была ў шпіталі, прадалі карову. І вось мама пражыла ў адзіноце яшчэ 13 гадоў, не згаджаючыся ехаць у горад да дзяцей. Любімым заняткам было вышыванне. Вышывала і для сябе і амаль што для ўсіх вясковых жанчын, якія ў іншых вёсках раздабывалі ўсё новыя ўзоры і патрабавалі, каб толькі колеры былі падабраныя вельмі дакладна. Кожная з іх рыхтавала падарункі рукамі маёй маці для сваіх ужо ўнучак ці праўнучак – вышываныя ручнікі, настольнікі, прасціны. Узамен неслі ёй кавалкі сала, мяса, малако, чаго яна сама не магла ўжо атрымаць ад гаспадаркі. Яна амаль не хадзіла, а калі хадзіла – часта падала і ляжала, пакуль хто не знойдзе ў агародзе ці ў хаце. Гады са два назад восенню ўпала і праляжала ноч на падлозе ў халоднай хаце. Суседзі, якія заўважылі, што ўсю ноч у хаце гарэла святло, вынялі акно і дапамаглі ёй падняцца. Апошнія два гады яна зімавала ў дачкі Аліны і як толькі набліжалася вясна прасіла, каб адвезлі ў вёску. У канцы лета, калі маці ў апошні раз ад’язджала з вёскі, развітацца прыйшлі ўсе яе сяброўкі – Марыя Аляксандраўна Шэлех, Ганька Шурыка Мацюшэнкавага, Надзя Мацюшэнкава, Люба Голубава... Усе плакалі, бо адчувалі, што бачацца ў апошні раз і Соня ў сваю вёску ўжо больш не вернецца. На каталіцкія Каляды я адведаў маці ў Століне, яна была слабая, але мы радаваліся, што 21-е ўжо перажылі і яна магчыма яшчэ пажыве. 11 студзеня 2008 года вечарам яе не стала, а 12-а адбылося пахаванне ў роднай вёсцы. Старшыня калгаса “Беларусь”, выпускнік калісці заатэхнічнага факультэта ГСГІ, а зараз ГДАУ, Бусько Віталій Іванавіч вельмі чула паставіўся да нашага гора і прадаставіў увесь неабходны транспарт, за што мы яму вельмі ўдзячны. Развітацца прыйшлі нешматлікія сваякі, настаўнікі школы. Праводзіць у апошні шлях у вёсцы ўжо няма каму – усе павымерлі ці раз’ехаліся. Пакаленне, калісці маладых і працавітых людзей, аджывае свой век. Замяніць іх няма каму. Магчыма, лёс і майго Зарытава нападкае лёс суседняй вёскі Астрэйкі, на месцы якой з 60 гаспадарак не засталося ніводнай.
Напісаў коратка, але вывад такі, беражыце сваіх бацькоў, засцерагайце іх ад занадта цяжкай працы па гаспадарцы, дапамагайце ва ўсім і магчыма тады яны будуць жыць хоць крышачку даўжэй...
А далей некалькі фотаздымкаў з нашага сямейнага альбома:
https://hrodna.life/articles/laryisa-lyashenka-uspaminy/?fbclid=IwAR0ukYH0BvvbeI9nNX2ZtmMYGHNDJm7Im5flBSZo_-79h74NMPPpCOG6NvA
https://hrodna.life/articles/mikola-taranda-neman/?fbclid=IwAR0SE5z15t1SsDe9WPhq2-RBbAf_nA_JoXECx0QDGVG1xA0zSO2KWbN4TPs
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Комментарии 28