Дзея, якая ўзвышае і ўзбагачае: на Любаншчыне прайшлі духоўна-асветніцкія чытанні
Духовность 13 января 2025
У нашым раёне стала добрай традыцыяй па ініцыятыве праваслаўнага прыходу храма Праабражэння Гасподня ў горадзе Любані, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў светлыя і святыя калядныя дні ладзіць духоўна-асветніцкія чытанні.
У чарговы раз пляцоўкай для іх правядзення была абрана дзіцячая школа мастацтваў, глядзельная зала якой ледзьве змясціла ўсіх жадаючых далучыцца да святочнай дзеі. Пачалася яна, як заўжды, з малебена, што адслужыў благачынны Любанскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Драгун. А богаслужэбныя песнапенні выканаў хор храма Праабражэння Гасподня.
Без сумнення, прысутныя шмат пачарпнулі для сябе і, магчыма, штосьці нават пераасэнсавалі ў сваім светаўспрыманні. А затым акунуліся ў атмасферу чароўных гукаў: прадоўжылася мерапрыемства канцэртнай праграмай. Цудоўныя творчыя нумары прадставілі навучэнцы і педагогі Любанскай дзіцячай і Урэцкай музычнай школ мастацтваў, вакальная група Сароцкага Дома культуры. А майстры харавых спеваў парадавалі меладычнымі духоўнымі песнапеннямі. Яны проста заварожвалі асаблівай глыбінёй і пранікнёнасцю, нейкай таямнічай прыгажосцю. Высокі выканальніцкі ўзровень прадэманстравалі, акрамя мясцовага, харавыя калектывы з Салігорска, Слуцка, Старых Дарог, Капыля.
Іх заахвочванне стала фінальным акордам дзеі. Вітаючы ўдзельнікаў яе і прысутных у зале, старшыня райвыканкама Віталій Платун адзначыў, што Нараджэнне Хрыстова, як ніякае іншае свята, дае атмасферу сямейнага цяпла, незвычайнай утульнасці і гармоніі, дорыць людзям вялікую радасць, надзею і веру. І выдатна, што менавіта ў такія калядныя дні ў нас праводзяцца духоўна-асветніцкія чытанні, якія ўзбагачаюць і ўзвышаюць над будзённымі клопатамі. Віталій Віктаравіч падзякаваў арганізатарам мерапрыемства і запэўніў: “Гэта традыцыя абавязкова будзе працягвацца”.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев